ЦТ

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА ПАДРЫХТОЎЦЫ ДА ТЭСЦІРАВАННЯ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
Аб’ектыўная ацэнка вучэбных дасягненняў навучэнцаў пры дапамозе тэсціравання з’яўляецца найважнейшым паказчыкам якасці адукацыі, значным як для ўсёй сістэмы адукацыі, так і для кожнага асобнага вучня.
Тэсціраванне мае на мэце праверку ступені валодання выпускнікамі школ усімі літаратурнымі нормамі беларускай мовы – арфаэпічнымі, лексічнымі, акцэнталагічнымі, граматычнымі, стылістычнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі.
Заданні тэста адпавядаюць наступным раздзелам курса беларускай мовы:
Мова. Маўленне. Тэкст.
Арфаэпія і арфаграфія.
Лексіка і фразеалогія.
Словаўтварэнне і арфаграфія.
Марфалогія і арфаграфія.
Сінтаксіс і пунктуацыя.
У тэставай рабоце правяраецца практычная граматнасць, культура мовы навучэнцаў і моўная кампетэнцыя, веданне граматыкі і стылістыкі беларускай мовы.
Праверка ўзроўню валодання вучнямі тэарэтычнымі ведамі і набытымі практычнымі ўменнямі пры вывучэнні беларускай мовы носіць аб’ёмны і ўсебаковы характар.
Для паспяховага выканання тэставай работы вучні павінны ведаць:
правапіс галосных;
правапіс й, ы пасля галосных;
прыстаўныя гукі;
правапіс у – ў;
правапіс мяккага знака і апострафа;
правапіс спалучэнняў зычных;
правапіс вялікай літары;
напісанне слоў асобна, разам, праз злучок;
правапіс канчаткаў назоўнікаў;
ужыванне роду і ліку назоўнікаў;
ужыванне часоў дзеясловаў;
правапіс лічэбнікаў;
ужыванне і правапіс займеннікаў;
правапіс прыслоўя;
ужыванне і правапіс прыметнікаў;
ужыванне і правапіс дзеепрыметнікаў;
ужыванне і правапіс дзеепрыслоўяў;
ужыванне і правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы;
адасабленне даданых членаў сказа;
пабочныя і ўстаноўныя словы, зваротак;
параўнальны зварот;
просты і складаны сказ;
віды складаных сказаў, знакі прыпынку ў іх;
аднародныя члены сказа;
спосабы перадачы чужой мовы.
У тэсце правяраюцца наступныя ўменні:
-  знаходзіць у словах арфаграмы;
-  вызначаць прамое і пераноснае значэнне слоў;
-  правільна ставіць націск;
-  вызначаць у сказе сэнсавыя часткі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку;
-  бачыць парушэнні лексічных, граматычных, сінтаксічных норм;
-  вызначаць стылістычную прыналежнасць тэксту па пэўных моўных паказчыках;
- аналізаваць і выкарыстоўваць адпаведныя сэнсавым адносінам сродкі сувязі сказаў у тэксце;
-  бачыць стылістычныя асаблівасці і выяўленча-вобразныя сродкі тэксту.
 Экзамен у любой форме – сітуацыя экстрэмальная, таму выпускнікам важна псіхалагічна падрыхтавацца да гэтага: унушыць сабе пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу, кантраляваць свае эмоцыі.
Для таго каб пэўна і паспяхова выканаць заданні тэста, вучням карысна:
- спакойна абдумаць пытанні;
- рацыянальна выкарыстаць адведзены час: спачатку выканаць тыя заданні, якія пададуцца больш простымі, пасля – больш складаныя;
- не спіяшацца з адказамі, уважліва ўчытвацца ў заданні;
- правільна і дакладна запісваць адказы ў бланк, не спяшаючыся запаўняць яго адразу; лепш гэта зрабіць пасля праверкі задання.
Паспяховасць выканання тэставых заданняў забяспечваецца правільным падыходам да выкарыстання сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама псіхалагічных рэсурсаў.
Падручнікі і дапаможнікі, якія можна выкарыстаць пры падрыхтоўцы да тэсціравання:
 1.Падручнікі па беларускай мове для 5-11-х класаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.
2.Беларуская мова ў табліцах і схемах: Вучэбны дапаможнік для вучняў старэйшых класаў сярэдняй школы. Г.М.Валочка, Я.М.Лаўрэль, В.П.Красней і інш. Мн., 1999.
3. Беларуская мова: Дапаможнік для абітурыентаў. Мн., 1992.
4. Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. Мн., 1982.
5.Сучасная беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя: Практыкум. Л.І.Бурак, І.Л.Бурак. Мн., 1993.
6.Здаём экзамен па беларускай мове: экзаменацыйныя і даведачныя матэрыялы. В.П. Красней, І.С.Роўда, І.Р.Шкраба. Мн., 2003.
7. Тэсты: Беларуская мова: Матэрыялы для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання. УА Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. – Мазыр: ТАА ВД “Белы вецер”, 2015.
8.  Лепешаў І.Я., Малажай Г.М., Панюціч К.М. Практыкум па беларускай мове. Мн., 1980.

Пры падрыхтоўцы да тэсціравання выкарыстоўвайце дапаможнікі з тэстамі, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий